Дзяржаўная ўстанова культуры «Краснапольскі раённы гісторыка-этнаграфічны музей»

Музей быў заснаваны у гарадскім пасёлку Краснаполле паводле рашэння Краснапольскага раённага Савета народных дэпутатаў 28.11.1991 г. і адкрыты для наведвальнікаў у 1994 г. у былым будынку раённага вузла сувязі. Асноўны фонд музея (на 01.01.2014 г.) налічвае 3400 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 406. Найбольш значнымі з'яўляюцца калекцыі нумізматыкі, фалерыстыкі, зброі, фотаздымкаў, ручнікоў, народнага адзення.

У музеі дзейнічаюць 4 экспазіцыйныя і выставачная залы. Экспазіцыя «Боль Чарнобыля» прадстаўлена фотаздымкамі і дакументамі, якія расказваюць аб ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі ў Краснапольскім раёне. У экспазіцыі, прысвечанай гісторыі Краснапольскага народнага тэатра, у вытоках якога стаялі літаратары Ул. і А. Шалевічы, скульптар А. Грубе, змешчаны тэатральныя афішы і ўзнагароды, фотаздымкі са сцэнамі з тэатральных пастановак і інш. Экспазіцыя «Этнаграфія і побыт Краснапольшчыны кан. 19 — пач. 20 стст.» знаёміць з асноўнымі заняткамі насельніцтва гэтага перыяду: ганчарствам, ткацтвам, дрэваапрацоўчымі рамёствамі. Сярод экспанатаў: ткацкі станок, вырабы з дрэва і гліны, макет ганчарнай печы для абпальвання. У музеі адкрыта экспазіцыйная зала, прысвечаная 60-годдзю з дня Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі і прадстаўленая наступнымі раздзеламі: «Акупацыя раёна — рэжым насілля і здзекаў», «Партызанскі рух на Краснаполыпчыне», «Вызваленне Краснапольскага раёна», «Нашы землякі на франтах Вялікай Айчыннай вайны». Частка залы занята дыярамамі «Партызанскі лагер» і «Бой за вызваленне Краснаполля», тут змешчаны партрэты 7 Герояў Савецкага Саюза — ураджэнцаў Краснапольскага раёна.

У выставачнай зале экспануюцца калекцыі з уласных фондаў музея, творы мастакоў і народных умельцаў Краснапольшчыны, а таксама выстаўкі з Магілёўскага мастацкага музея імя Паўла Масленікава і іншых музеяў Магілёўскай вобласці і Рэспублікі Беларусь.

З 2020 года пачала дзейнічаць экспазіцыя «Прыступкі памяці». Прысвечана памяці загінуўшых на франтах Вялікай Айчыннай вайны 40 герояў-землякоў, лёсы якіх былі раней не вядомыя.